Інструменты даступнасці

Перайсці да змесціва
24 жніўня, 2026

Не замена чыноўнікаў, а змена сістэмы

24 жніўня, 2026

Больш за 600 чалавек ужо далучыліся да праграмы «Кадравы Рэзерв». Але ці дастаткова гэтага, калі ў дзяржаўным сектары Беларусі сёння працуюць дзясяткі тысяч чалавек? На канферэнцыі «Новая Беларусь» Аляксандр Кныровіч нагадаў: дзяржаўны сектар у шырокім сэнсе — гэта 180 тысяч чалавек, у вузкім сэнсе 37 тысяч чалавек дзяржаўнага апарату. Нават калі браць меншую лічбу, «Кадравы рэзерв» падрыхтаваў менш як 2 % ад таго.

На гэтае пытанне адказаў каардынатар кампаніі Юрый Губарэвіч:

Мяняць трэба інстытуцыі, перадусім — будаваць дэмакратычныя інстытуты, праводзіць дэмакратычныя выбары, ствараць мясцовае самакіраванне. І трэба мець планы на розныя сцэнары, бо першачарговай задачай у момант пераменаў можа аказацца не закон аб выбарах, а закон аб ваенным становішчы.



Задача «Кадравага Рэзерву» — не падрыхтаваць пэўную колькасць людзей, якія проста заменяць цяперашніх чыноўнікаў. Поўная замена кадраў сама па сабе не зменіць сістэму. Галоўнае — змяніць сам прынцып працы дзяржаўнай службы:
🔹 лаяльнасць уладзе → лаяльнасць закону
🔹 кантроль над усім → ініцыятыва ў служэнні грамадству
🔹 выкананне загадаў → прыняцце адказнасці на сябе
🔹 закрытасць → празрыстасць
🔹 цэнтралізацыя → субсідыярнасць і г.д.


А каб змяніць падыход, патрэбныя людзі, якіх не можа нарадзіць лукашэнкаўская сістэма — публічныя адміністратары, ініцыятыўныя чыноўнікі. І ўжо знайшлося больш за 600 чалавек, якія мелі імпэт, узялі адказнасць на сябе і не пабаяліся рэпрэсіяў.



Менавіта таму ўжо сёння мы рыхтуемся да розных сцэнарыяў пераменаў: вывучаем дзяржаўнае кіраванне, распрацоўваем рэформы, фарміруем прафесійныя супольнасці і назапашваем веды, якія спатрэбяцца ў патрэбны момант.

Далучайцеся да кампаніі і рыхтуйцеся да Беларусі, у якой дзяржаўная служба працуе не на ўладу, а на чалавека.